Belaruskai︠a︡ lingvistychnai︠a︡ terminagrafii︠a︡
sloŭnik
en
translation: Belarusian linguistic terminography - Dictionary
38 USD
Add to
Add to
На працягу ХХ–ХХІ стст. беларуская лінгвістычная тэрмінаграфія развівалася ў цеснай сувязі з іншымі галінамі тэрмінаграфіі пад непасрэдным уплывам канкрэтных сацыяльна-палітычных абставін. За гэты перыяд айчыннымі мовазнаўцамі было створана больш за 70 разнастайных слоўнікаў лінгвістычных тэрмінаў: аўтаномных і інкарпараваных, агульных і аспектных, слоўнікаў-падборак і слоўнікаў-дадаткаў, перакладных, тлумачальных і тлумачальна-перакладных, алфавітных і алфавітна-гнездавых і інш. Асобныя пытанні развіцця беларускай тэрмінаграфіі абагульняюцца ў даследаваннях Л. Антанюк, Г. Гваздовіч, М. Гуліцкага, А. Жураўскага, А. Падлужнага, М. Судніка, Т. Тамашэвіча, Л. Шакуна і інш. (пераважна ў кантэксце вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства і тэрміназнаўства). Публікацыі А. Адамовіча і А. Каўруса, А. Крывіцкага, П. Марціноўскага, Р. Агеевай і інш. прысвечаны агляднай крытыцы слоўнікаў лінгвістычных тэрмінаў. Падрабязна і ў розных аспектах гісторыю тэрмінаграфіі, структуру найбольш аўтарытэтных слоўнікаў і іх змест даследаваў В. Шчэрбін. Аднак да нашага часу ў беларускай лінгвістыцы не сістэматызаваны ўвесь ход станаўлення мовазнаўчай тэрмінаграфіі, адсутнічаць таксама канцэптуальныя працы па метадалогіі тэрмінаграфічнай дзейнасці. Мэта гэтага даследавання – прааналізаваць стан сучаснай беларускай перакладной тэрмінаграфіі (транстэрмінаграфіі) і выявіць асноўныя трэнды ў метадалогіі тэрмінаграфічнай дзейнасці. Задачы даследавання: выявіць, якія тыпы слоўнікаў пераважаюць у беларускай перакладной тэрмінаграфіі; ахарактарызаваць тыпы мікраструктуры перакладных лінгвістычных слоўнікаў; вызначыць задачы, якія стаяць перад сучаснай беларускай транстэрмінаграфіяй. Матэрыялам для даследавання паслужылі беларускія аўтаномныя і інкарпараваныя слоўнікі, у якіх лінгвістычныя тэрміны перакладаюцца з рускай мовы на беларускую, з беларускай мовы на рускую, а таксама шматмоўныя слоўнікі лінгвістычных тэрмінаў, у якіх уваходнай або выходнымі мовамі з’яўляюцца руская і беларуская.